РЭАКТЫ́ЎНАЯ ЗБРО́Я,

від зброі, у якім сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі за кошт рэактыўнай цягі. Да Р.з. адносіцца наземная, авіяц. і марская рэактыўныя сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты. Пускавыя ўстаноўкі гэтых сістэм мнагаствольныя, малагабарытныя і простыя па канструкцыі (з-за выкарыстання прынцыпаў рэактыўнага руху адсутнічае аддача пры выстрале). Многазараднасць і залпавасць агню дазваляе паражаць цэлі адначасова на значных адлегласцях і плошчах, забяспечвае раптоўнасць, высокую эфектыўнасць і інш. Рэактыўная сістэма залпавага агню ўключае пускавую ўстаноўку, рэактыўныя снарады (некіравальныя ракеты, рэактыўныя глыбінныя бомбы), трансп. машыну і інш. Манціруецца на самаходных (баявыя машыны рэактыўнай артылерыі) і буксірных шасі, самалётах, верталётах (пускавыя ўстройствы), караблях (рэактыўныя бамбамётныя ўстаноўкі). Маюць калібр снарадаў да 375 мм, далёкасць стральбы да 45 км і больш, колькасць накіравальных 45—50 Сухап. войскі Беларусі маюць на ўзбраенні Р.з., у т. л. сістэмы БМ-21 «Град». Гл. таксама Рэактыўная артылерыя.

А.​У.​Аляхновіч.

Да арт. Рэактыўная зброя. Устаноўка БМ-21 «Град» у час пуску ракет.

т. 13, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)